Комар Ганна Генадзеўна
Нарадзілася 20 сакавіка 1989, Баранавічы, Брэсцкая вобласць) — беларуская паэтка, пісьменніца і перакладчыца.
Скончыла факультэт англійскай мовы МДЛУ, Беларускі Калегіюм, Школу маладога пісьменніка, вучыцца ў Школе паэзіі і перакладу пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Наведвала Перакладчыцкую майстэрню. Працуе сакратаркай у Беларускім ПЭН-цэнтры.
Аўтарка паэтычных зборнікаў «Страх вышыні» (Мінск, 2016) і «Recycled» (Лондан, 2018). Паасобныя творы Ганны Комар перакладзены на польскую мову Богданам Задурам.
Перакладае з англійскай уласныя і чужыя тэксты. Укладальніца і перакладчыца (разам з Юліяй Цімафеевай і Наталляй Бінкевіч) зборніка перакладаў Чарлза Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час» (2017).
Эксперыментуе ў жанры фота і відэа-паэзіі, запісвае свае тэксты з музычным афармленнем. Супрацоўнічала з беларускім электронным гуртом «Maximalism» у межах конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай-5».
Паэзія, пераклады і проза публікаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», «Паміж» і газеце «Літаратура і Мастацтва».
Брала ўдзел у паэтычных фестывалях «Вершы на асфальце» (Мінск), «Прадмова» (Мінск, Гродна, Брэст), Літаратурны тыдзень Еўразійскай творчай гільдыі (Лондан), «Час паэтаў» (Люблін), паэтычных слэмах і конкурсах («Вершы на асфальце», «Рухавік», «Дорогой поэт»), праектах «Вершаява» і «Перастварэнне» Фонда Роберта Боша і Беларускага ПЭН-цэнтра (2017—2018), творчай рэзідэнцыі ірландскага мастака Марка Дзёркана ў музеі Заіра Азгура (2018).
• Фіналістка конкурсу «Экслібрыс» імя Рыгора Барадуліна (2015).
• Фіналістка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2017) у намінацыі «Паэзія».
• Лаўрэатка прэміі імя Марзіі Закір’янавай за найлепшы жаночы твор (2017, Стакгольм).
• Фіналістка літаратурнай прэміі імя Наталлі Арсенневай (2017).
• Лаўрэатка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча (2018) у намiнацыі мастацкі пераклад за зборнік Ч. Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час» (разам з Ю. Цімафеевай і Н. Бінкевіч).
• Лаўрэатка конкурсу «Першацвет».