Лазебная Анастасія Пятроўна
Анастасія Лазебная (Стася Наркевіч) — празаік, паэтэса, публіцыст. З 31 кастрычніка 2013 года — старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".
Нарадзілася 28 чэрвеня 1952 года ў вёсцы Куляшы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. У 1970 годзе скончыла Хоўхлаўскую сярэднюю школу, у 1973 годзе – студыю выяўленчага мастацтва пры Маладзечанскім доме народнай творчасці. Працавала мастаком-афарміцелем на заводзе “Спадарожнік”, потым у гандлі, будаўнічым трэсце. Затым была вучоба ў БДУ на факультэце журналістыкі. У 1985 годзе атрымала дыплом журналіста.
У 1981 годзе з сям’ёй пераехала ў Віцебск і пэўны час працавала ў абласной газеце “Віцебскі рабочы”, потым у газетах “Рабочае слова”, “Кімавец”.
З 1995 года – рэдактар газеты “Кімавец”. Рэдагавала выданне да 2001 года: да таго часу, пакуль у прадпрыемства былі сродкі на яго выпуск. Потым была пасада галоўнага рэдактара газеты “Планета адкрыццяў” турыстычнай фірмы “Хэпі турс”. У 2003 годзе зарэгістравала жаночую газету “Анастасія”, дзе стала выдаўцом і галоўным рэдактарам. Паралельна з выданнем асабістай газеты, якая праіснавала да 2010 года, рэдагавала газету “Мы і час” ВДУ імя П.М. Машэрава. Звольнілася з ВНУ ў маі 2018 года . Сябра Беларускага саюза журналістаў.
Літаратурнай дзейнасцю пачала займацца будучы вучаніцай сёмага класа. Уваходзіла ў літаратурнае аб’яднанне "Купалінка” пры аб’яднанай газеце “Святло камунізму” г. Маладзечна.
З творчасцю Стасі Наркевіч чытачы знаёміліся і знаёмяцца праз абласныя і рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі. Некаторыя апавяданні ўвайшлі ў калектыўны зборнік “Дзвіна”. У 2008 годзе выйшаў асабісты зборнік апавяданняў “Настальгія” (выдавецтва “Чатыры чвэрці”). Акрамя апавяданняў Стася Наркевіч піша вершы, гумарэскі, казкі. У 2012 годзе пабачыла свет яе казка “Неверагодныя здарэнні на неверагоднай планеце” ў зборніку аўтарскіх казак “Залаты талер” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”), у 2013 годзе кніжка казка-размалёўка “Віялета, бабулечка і чароўны дроцік” (выдавецтва “Чатыры чвэрці”). У гэтым жа годзе выйшла кніга вершаў “Ты зразумей мяне такую…”, аздобленая графічнымі работамі аўтара (Віцебская абласная друкарня).
У выдавецтве “Кнігазбор” выйшлі тры казкі-размалёўкі. Казкі пісьменніцы былі змешчаны ў серыі “Аўтарскія казкі” (выд. “Мастацкая літаратура”). У Віцебскай друкарні пабачылі свет кнігі: “Камп’ютарны путанчык (сатарыстычна-гумарыстычная проза), “Пырскі" (празаічныя мініяцюры).
Анастасія Лазебная з’яўляецца ўкладальніцай літаратурна-мастацкага альманаха “Ратуша” Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.