Супрунчук Віктар Пятровіч
Віктар Пятровіч Супрунчук нарадзіўся 7 снежня 1949 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкая вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Сялецкай сярэдняй школы (1967) працаваў грузчыкам на Нова-Бярозаўскім вапнавым заводзе, вучыўся ў Белаазёрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 82 электратэхнікі (скончыў у 1968). У 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў электрамантажнікам і электразваршчыкам у трэсце «Электрацэнтрмантаж». Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1976). Працаваў карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Электрон» завода ЭВМ імя Арджанікідзэ. З 1977 г. — спецыяльны карэспандэнт «Сельской газеты», з 1981 г. — рэдактар аддзела літаратуры Беларускага тэлебачання, з 1983 г. — загадчык аддзела нарыса, з 1986 г. — старшы рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». З 1990 г. — намеснік старшыні СП Беларусі. Член СП СССР з 1985 г.
Друкуецца з 1977 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Страсці» (1983), «Недзе баліць ля сэрца» (1986), «Набат» (1989), аповесці «Банальны дэтэктыў» (1989), раманаў «Жывеш толькі раз» (1988) і «З плоці і крыві» (часопіс «Полымя», 1990).