Тварановіч-Сеўрук Галіна Паўлаўна
(17 лютага 1955, Дараганава, Магілёўская вобласць) — беларускі літаратуразнавец, паэтэса.
Нарадзілася ў сям'і служачых.
Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1977). Кіраўніком у аспірантуры быў Алесь Адамовіч. У 1985 годзе Тварановіч абараніла кандыдацкую дысертацыю, а ў 1999 — доктарскую. З 1983 года працавала навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1999 года выкладае ва Універсітэце ў Беластоку (Польшча). З 2001 г. — галоўны рэдактар часопіса «Studia wschodniosłowiańskie» («Усходнеславянскія даследаванні»). Выйшла некалькі паэтычных зборнікаў.
Друкуецца з 1967, як літаратуразнаўца — з 1982. Аўтар даследаванняў па ўзаемасувязях сучаснай беларускай прозы і прозы былой Югаславіі, па кампаратывістыцы, гісторыі беларускай літаратуры, сучасным літаратурным працэсе: «Маральны свет героя: Беларуская і югаслаўская ваенная проза 60–70-х г.» (1986), «Пакутаю здабыты мір: Тыпалогія характару ў беларускай і славенскай прозе» (1991) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.» (Т. 1–4, 1999–2002).
Яе паэтычныя зборнікі «Ускраек тысячагоддзя» (1996), «Верасы Дараганава» (2000), «Чацвёртая стража» (2004) прасякнуты роздумам над праблемамі жыцця, лёсам чалавека ў Вечнасці, любоўю да роднай зямлі, хрысціянскімі матывамі. Перакладае з сербскай і польскай моў.