Віктар Казько. Казань пра ката, каторы смяяўся
Віктар Казько шторазу нібыта заваблівае чытача ў непраходны лясны гушчар сэнсаў, адначасова ствараючы ілюзію знаходжання ў звычайнай сялянскай хаце. На ўлазіны ў новую хату, як вядома, трэба першага запускаць ката. Аднак новая кніга прозы Віктара Казько «Казань пра ката, каторы смяяўся» («Кнігазбор», 2018) ― не зусім пра гэта. Кот там сапраўды ёсць, і не проста кот, а адзін з галоўных герояў. Дзіўнаватая мянушка Біч (былы інтэлігентны чалавек) вельмі пасуе людскому атачэнню. Біч ратуе гаспадара ад смерці, наладжвае сувязь з сапраўднымі гаспадарамі зямлі ― міфалагічнымі істотамі (Цмокам, Русалкай, Лесавіком, Берагуном, Вохам), спазнае сэнс усяго існага…
Хата як выспа надзеі на выратаванне душы ― не па-музейнаму ўладкаваная, з этнагарафічнай ідэалізацыяй традыцыйнага побыту. Але жытло, якое спрабуе пабудаваць сучасны чалавек паводле запаветаў продкаў. Бяда ў тым, што многага з тых справедчых правілаў чалвек сённяшні ўжо не ведае і, адпаведна, хата будуецца няправільна, грунт пад нагамі ― нетрывалы. Бо даўно ўжо пачалося разбурэнне «выпеставанага і запушчанага чалавекам кола яго існавання», якое адмовіла ў існаванні тым тром кітам, на якіх спрадвеку грунтавалася жыццё чалавека на зямлі, ― плугу, касе і сякеры.
Унутраныя маналогі галоўнага героя і аўтарскія філасофскія адступленні вельмі падобныя: аўтар і герой прамаўляюць адначасова, і не заўсёды можна адрозніць іх галасы. Мо таму, што ў творы багата аўтабіяграфічнага. Пісьменнік прымушае галоўнага героя, сталага мужчыну, штораз вяртацца ў далёкае мінулае, на тыя дарогі вайны, крыві і жаху, дзе ён страціў маці і сястру. Для героя, які лічыць сябе Анёлам смерці, бо тыя, што загінулі, «аплацілі працяг яго існавання на гэтым свеце», такая сустрэча ― крыніца невылечнага болю.
У прозе Віктара Казько вельмі мала людзей. І калі ёсць такое паняцце як «вера ў чалавека», то ў дачыненні да мастацай канцэпцыі прозы Віктара Казько ёсць сэнс казаць пра «бязвер’е ў чалавека». Свету прыроды і надчасаваму свету памерлых пісьменнік давярае значна болей: там усё пэўна, там няма здрады.
Касмічнае, тагасветнае, міфічна-неверагоднае цесна пераплятаюцца нават у межах аднаго сказа. З Месяца мы вяртаемся не проста на Зямлю, а ў Беларусь ― Пупляндыю (і ўжо не бульбашы, а «пупляндцы», якія «глядзяць сабе пад ногі, моўчкі смаркаюцца ў анучку і часта бегаюць за хлеў»). Пупляндыя ― краіна, у якой усе жыццёвыя інтарэсы гуртуюцца вакол «пупа», вакол карыта, месца за якім падаецца дасягненнем раю. «Бязвер’е ў чалавека» нейкім неверагодным чынам спалучаецца з глыбокім спачуванем гэтым бездапаможным істотам, душы якіх выпальваюцца, бы пякельным агнём, страхам. Чалавек насамрэч сваю бездапаможнасць адчувае. І ўсё, што стварае вакол сябе, увесь гэты лес з прывідных добротаў і сумнеўных асалодаў ― толькі спосаб нават не пазбыцца страху, але хаця б на кароткі час уцячы ад яго.
Нешта ёсць у такім адстароненым аўтарскім успрыманні зразумелай для яго безнадзейнасці будучыні чалавецтва ад разважанняў галоўнага міфалагічнага персанажа ― Цмока, які спачуваў чужым пакутам, але ўжо і не хваляваўся за людзей, бо «перахварэў на гэта»: «Адвечная гэтаму зямному люду дарога ў нікуды».
В. Казько задае пытанне: «Хто спакусіў чалавека на аднаасобнае валоданне ў гэтым царстве зямным?» Бо ўсё, чалавекам цягам тысячагадовай гісторыі здзейсненае, не дае адказу. Аднак пры гэтым няма маралітараскага пафасу і пазёрскага стагнання: так, «канчаюць самагубствам азёры, рэкі, рыбы, птушкі і людзі», так, чалавек ужо пазбавіў сябе будучыні на гэтай планеце. Але і планета ― часовая знічка ў бязмежным сусвеце, што ўжо пра чалавека разважаць…
Вось толькі каб не гэты пранізлівы боль ― такі зямны, такі рэальны, што пульсуе ў грудзях маленькага хлопчыка, асуджанага на вечнае адмаўленне сябе, замест сэрца.
Надзея Раманчык