Гуніла Бэргстрэм. Суперкніга пра Біла з Болаю (Біл разумны, а Бола вясёлая)
У хлопчыка Біла з’яўляецца маленькая сястрычка Бола – нагода для радасці, весялосці і гонару. Але час ідзе, і паступова сям’я пачынае разумець, што з Болай адбываецца нешта не тое, яна зусім не размаўляе. Кніга ў вершаванай форме распавядае пра жыццё маленькай дзяўчынкі, якая ніколі не будзе як усе. Пра звязаныя з гэтым радасць і гора, надзею і роспач. Пра тое, наколькі мы гатовыя жыць побач з тымі, хто не падобны да нас. Але найперш гэтая кніга пра любоў і здольнасць прымаць.
“Суперкнігу пра Біла з Болаю” пераклалі на беларускую мову Надзея Кандрусевіч і Алеся Башарымава, а таленавіты беларускі паэт Андрэй Хадановіч зрабіў так, каб пераклад загучаў напоўніцу – эмацыйна і кранальна. Аповед вядзецца ад імя Біла, брата Болы, з якім чытач разам перажывае ўсю гаму пачуццяў – і шчасце, і боль, і злосць, і замілаванне. І роздум:
“Каб не мелі мы побач нікога,
Каму трэба ад нас дапамога,
Каб ніхто хоць бы раз не прасіў аб маленечкім цудзе, --
Дык навошта існуе наш РОЗУМ
І ўвогуле – ЛЮДЗІ?!”
Аўтарка кнігі – шведская пісьменніца Гуніла Бэргстрэм. З 1971 года яна напісала каля 40 дзіцячых кніг, якія сама і праілюстравала. Яна пісала гісторыю Біла і Болы са сваёй уласнай сям’і: у яе двое дзяцей, а ў малодшай дачкі аўтызм.
Кнігі пра Біла і Болу – класіка шведскай літаратуры, яны шырока чытаюцца ў каледжах і навучальных установах. Паводле іх знятыя анімацыйныя фільмы і зробленыя тэатральныя пастаноўкі. А ў 2012 годзе на кніжным кірмашы ў Гётэборгу Гуніле Бэргстрэм уручылі залаты медаль “за новы падыход у напісанні і афармленні дзіцячай кнігі з бездакорным адчуваннем дзіцячага светапогляду”.
“Суперкнігу пра Біла з Болаю” ўжо ў продажы, яе можна набыць па наступных адрасах:
Мінск:
"Цэнтральная кнігарня" (пр-т Незалежнасці, 19),
"Акадэмкніга" (пр-т Незалежнасці, 72),
"Кнігі і кніжачкі" (пр-т Незалежнасці, 14),
"Кнігарня пісьменніка" (вул. Казлова, 2),
"Светач" (пр-т Пераможцаў, 11),
"Веды" (вул. К. Маркса, 36),
Этнакрама "Рагна" (вул. Сухая, 4),
Інтэрнэт-крама Knihi.by,
Алесь Дудар (ГЦ "Арэна-сіці"),
"Выдатныя кнігі" (Няміга,3 бокс 21),
"Сундучок" http://sunduchok-knig.by/
Брэст
"Вітаўт" (вул. Савецкая, 55)
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Каляровы ровар, дзіцячая літаратура, замежжа, пераклады, кнігі