Рыгор Барадулін. Вясёлы вулей: Азбука

74 старонкі чыстай радасці для дзіцяці, якое ўпершыню раскрывае для сябе свет беларускіх літар. Ідэальна зручны фармат для сямейнага чытання. Барадулінскае паэтычнае майстэрства прадстаўлення не патрабуе.
Вулей ёсць такі вясёлы,
Пчолы
З гэтага вулля
Прывядуць цябе да школы.
Зразумееш, немаўля,
Толькі вулей загудзе,
Што, чаго, адкуль і дзе,
Як знайсці каго і дзе,
Хто ляціць, а хто ідзе.
Літары
Ад А да Я —
Пчолак дружная сям'я
Носіць мёд у соты ведаў,
Просіць, каб усё ты ведаў.
Паступова, пакрысе
Іх запомніць трэба ўсе!
Гукі мовы роднай, наскай
Перапоўняць сэрца ласкай,
Дык шануй святыя словы
Беларускай звонкай мовы!
Радуе нябёсы й долы
Вулей азбукі вясёлы.
Шукайце "Вясёлы вулей" у кнігарнях Беларусі!
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Каляровы ровар, дзіцячая літаратура, кнігі, паэзія, Рыгор Барадулін