Барыс Пятровіч. Спачатку была цемра

Барыс Пятровіч. Спачатку была цемра

Мы жывём, пакуль святло ў нас перамагае цемру… Да такой высновы прыходзіць галоўны герой гэтай кнігі, які прабыў без прытомнасці — у цемры — амаль тры гады і паступова вяртаецца да жыцця, згадваючы, хто ён, адкуль і за што яго хацелі забіць… Падзеі разгортваюцца ў 90-я гады мінулага стагоддзя ў жахлівых умовах закінутага дома-інтэрната на чарнобыльскім Палессі, на фоне вялікіх пераменаў, што адбываліся тады ў незалежнай Беларусі.

— Мне хацелася б думаць, што калі і можна параўнаць Беларусь з тым домам-інтэрнатам, дык Беларусь ня сёньняшнюю, а тую, 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Хоць масткі з жыцьця там, у тым доме, вельмі лёгка перакідаюцца ў дзень сёньняшні. Бо, на жаль, зьмянілася ў нашым жыцьці ня так шмат, як хацелася б, як думалася, як магло быць у незалежнай краіне, як ёсьць у суседзяў... Адзін з герояў аповесьці разважае пра галоўнага героя, які страціў памяць, і кажа, што ў ім увасобіліся ці ня ўсе лепшыя і горшыя рысы, характэрныя народу, сярод якога ён жыве. Тут будзе да месца цытата, можа, камусьці і непрыемная: «...народу, што таксама праспаў сваю незалежнасьць, не памятае свайго мінулага, адлічваючы яго то ад 17-га, то ад 45-га году, баіцца пакінуць дурдом, які называецца „саўком“, і зажыць самастойна, народу, які нават імя свайго не памятае — беларусы, крывічы, ліцьвіны». Ёсьць там і іншыя паралелі-перакліканьні з нашым сёньня. Але я цьвёрда ўпэўнены: у грамадзтва, у адрозьненьне ад асобнага чалавека, невылечных хваробаў няма. І ўсё яшчэ ў нас рэзка і кардынальна зьменіцца, — кажа Барыс Пятровіч.

Барыс Пятровіч: Усё ў нас рэзка і кардынальна зьменіцца (інтэрв'ю аўтара на Радыё “Свабода” з нагоды выхаду кнігі).