Віктар Ярац. Зямныя эцюды
Дата публікацыі: 23.10.2018
1322
Спадар Віктар -- літаратуразнавец, крытык, кандыдат філалагічных навук. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1980 года. Свае першыя вершы апублікаваў яшчэ будучы школьнікам, актыўна друкавацца пачаў з 1966 года.
Акрамя напісання аўтарскіх твораў, займаецца таксама і перакладамі з балгарскіх, літоўскіх, рускіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" сардэчна віншуе Віктара Уладзіміравіча з юбілеем і зычыць ягонай кнізе як мага больш удзячных чытачоў!
Музыка
Плывуць, плывуць аднекуль гукі музыкі
ў пачатку восені лагодным, ясным днём
так ціха-ціха, быццай кладкай вузенькай
хтось асцярожна йдзе над ручаём.
Пра што яны і з дрэвамі, і з вокнамі
імкнуцца падзяліцца вышынёй –
і блізкай галубінай, і далёкаю,
якой у шторм гудзе марскі прыбой?
Аб чым яны пад ціўкат вераб’ёў ваколіцы,
праз рык матацыклетных трас крутых
плывуць акорды плаўна, нібы моляцца
за нечы век людскі, за чыйсьці міг?
Віктар Ярац