Аліна Длатоўская. Ген зямлі: Аповесць
— “Ген зямлі” – гэта назва твора, аднак ці можна неяк акрэсліць само паняцце?
— Ген зямлі – гэта адчуванне сябе беларусам. У кнізе ёсць на тое намёк, што, з аднаго боку, гэта ці то формула, ці то мутацыя ДНК. Але насамрэч гэта ўнутранае адчуванне: яно, аднак, не ва ўсіх людзей праяўляецца.
— Ад чаго залежыць, праяўляецца такое адчуванне ці не?
— Думаю, усё адбываецца рандомна. Адзін з галоўных персанажаў кнігі, Алесь, вырас у сям’і, дзе дзядуля размаўляў па-беларуску, таксама бацька – то бок, меўся той самы ген. А ёсць яшчэ адзін галоўны герой Даніл, у якога ніхто не размаўляў па-беларуску: маці і бацька рускамоўныя (калісьці бабуля размаўляла па-беларуску, аднак ён яе не ведаў). У сваім жыцці хлопец ніколі не сустракаўся з роднай мовай. Але аднойчы штосьці быццам “заклініла”, ён знайшоў кружэлку “NRM”, паслухаў яе – і панеслася...
— Можна сказаць, гэта абуджэнне нацыянальнай свядомасці?
— Так, але яно замаскіраванае ў штосьці больш фантастычнае, пададзенае ў больш цікавым ключы. Бо ў большасці з тых, у каго прачынаецца “ген зямлі”, з’яўляюцца звышздольнасці. Напрыклад, яны могуць чытаць думкі, разумець чужое мінулае, маюць суперпамяць, бачаць прывідаў і гэтак далей.
— У якім кантэксце, па месцы і па часе, адбываецца дзеянне ў кнізе?
— Гэта недалёкая будучыня або сучаснасць, аднак у нейкім паралельным сусвеце, нешта каля нас. Гэта былая Беларусь, якая ў адзін момант уваходзіць у Аб’яднанне Еўрапейскіх Рэспублік. У ім знаходзяцца Расія, Беларусь, Украіна, Літва, Польшча. Аб’яднанне гэтае адбылося, каб супрацьстаяць тэрарыстычнаму ціску, бо, маўляў, гуртам мы мацней. Але як толькі знешні ціск быў падаўлены, Расея паступова пачала падмінаць пад сябе ўсе астатнія краіны, каб зрабіць адну дзяржаву з агульнай мовай, культурай, ідэалогіяй. Стваралася адна нацыя, а болей быццам бы нічога не было патрэбна.
— Ты вырашыла стварыць нешта падобнае да антыўтопіі. Чаму абрала менавіта такі жанр?
— Сапраўды, можна сказаць, што гэта менавіта такі жанр ці нешта блізкае да яго. Аднак я не ставіла сабе канкрэтнай мэты. Першаснымі былі персанажы. Мне трэба было памясціць іх у нейкі кантэкст. Бо я ведала, хто такія гэтыя героі, што ў іх ёсць пэўныя здольнасці і што здольнасці павінны неяк раскрыцца. Менавіта пад персанажаў мэтанакіравана стваралася сітуацыя. Атрымаўся пэўны сусвет – і ў многім ён дапрацоўваўся ў Школе маладога пісьменніка разам з маёй куратаркай Ганнай Бутырчык. Яна запытвалася, што гэта за сусвет, чаму ён менавіта такі? Нават давала мне заданне напісаць, што такое гэта Аб’яднанне Рэспублік, Лабірынт (арганізацыя, дзе тусуюцца беларускамоўныя), што такое Сістэма аховы спадчыны (галоўная ўстанова-антыгерой). Мне найперш самой сабе давялося даваць адказы, што гэта. Бо напачатку для мяне ўсё заставалася даволі абстрактным, а галоўнымі былі ў першую чаргу героі.
— Як у цябе з’яўляюцца персанажы?
— Яны проста прыходзяць... Яраслаў, да прыкладу, мае прататып. З тым чалавекам мы ўжо не стасуемся, а стварыць такога героя хацелася даўно. Даніл аднойчы з’явіўся ў маёй галаве, сказаў: “Прывітанне, мяне завуць Даніл. Я бачу мінулае, калі дакранаюся да рэчаў. Ты павінна мяне напісаць”. Я пагадзілася. Некаторыя персанажы ствараюцца механічна: напрыклад, я разумею, што ў пэўнай кампаніі не хапае дзяўчыны і што яна павінна быць вось такой і вось такой – падобнай да азіяткі і ў той жа час бачыць прывідаў знакамітых беларусаў. Той жа Эдуард Львовіч, які з’яўляецца любімым персанажам спадарыні Ганны, ствараўся досыць механічна, бо мне патрэбен быў глабальны антыгерой. Ён напачатку заставаўся звычайным персанажам, але спадабаўся маім калегам па Школе, я вырашыла дадаць пэўных дэталяў і ў выніку атрымаўся досыць “смачны” герой.
— Ты кажаш, што персанажы прыходзяць да цябе ў галаву. Як гэта адбываецца?
— Складана патлумачыць. Увогуле я веру ў містыку, у розныя фантастычныя рэчы. Для мяне гэта штосьці з іншага сусвету. Гэтаксама як я ведаю сваіх сяброў ці знаёмых, у пэўны момант раптам пачынаю ведаць і свайго персанажа. Усё адбываецца выпадкова. Не магу сказаць, што я нешта бачу ці штосьці адбываецца, яны проста прыходзяць...
— Падчас працы над кнігай у Школе маладога пісьменніка ты спачатку прапусціла ўсе дэдлайны, а пасля села і за лета дапісала аповесць. Распавядзі, як так адбылося?
— Наколькі лёгка і прыемна мне было вучыцца на першым годзе Школы маладога пісьменніка, настолькі жудасна і пакутліва працавалася другі год. Першыя чатыры главы кнігі перапісаныя разоў пяць. Я стварала главу, скідвала яе Ганне Бутырчык і двум другім яе навучэнцам Зараславе Камінскай і Канстанціну Касяку – і яны мне казалі: “Не тое”. Зноў садзілася і перапісвала. Мяняла час, асобу ад якой вядзецца аповед, – цяжка падлічыць, колькі я ўсё гэта перапрацоўвала. Раней твор пачынаўся з зусім іншай сітуацыі, але мне сказалі, што гэта не вельмі слушна. Пэўна, я на траціну скараціла той эпізод. Потым Зараслава падказала ідэю з разбурэннем Мірскага замку. Я напісала пра тое, атрымалася няблага – і мы вырашылі, што з гэтага варта пачынаць. Праца ішла досыць марудна, шмат чаго даводзілася перапрацоўваць. Я сама была ў досыць разгубленым стане і не ведала, як сабраць разам тую мазаіку, якая ў мяне ёсць. Я ведала, чым пачнецца (і тое не адразу) і чым скончыцца. А вось што ўсярэдзіне – як сабраць герояў, каб яны прыгожа перасякаліся і ўсё ішло лагічна?.. У мяне быў вэрхал у галаве.
— На фінальны занятак другога года Школы маладога пісьменніка ты прыйшла без гатовага твора...
— Калі мы з выпускнікамі Школы прэзентавалі свае творы на пачатку чэрвеня, у мяне не было напісана нават траціны. Спачатку не хацелася нават ісці на “абарону дыплома”, але спадарыня Ганна мяне ўгаварыла. Я была вельмі здзіўлена, што ў астатніх выпускнікоў ужо былі цэлыя рукапісы. Я не чакала пачуць нейкі станоўчы водгук на сваю працу. І калі Алесь Пашкевіч спытаў у мяне: “Ці зможаш за лета дапісаць аповесць?” – я зусім механічна адказала, што змагу. Пэўна, у той момант я падумала, што ўсё паспею. Аднак я працую ў сферы турызму, дзе самая гарачая – летняя пара. Увесь чэрвень афармлялі візы на фестываль у Італіі – быў вельмі напружаны час – на цэлы ліпень я з’ехала праводзіць фестываль у Балгарыі. Такім чынам, у мяне застаўся толькі жнівень. Я вярнулася дадому і ўзгадала, што, па-першае, павінна стрымаць абяцанне, а па-другое, не магу расчараваць спадарыню Ганну, якая надзвычай шмат у мяне ўклала. Такім чынам я пачала працаваць: у мяне такая методыка, спачатку пішу, затым шмат крэслю. На два тыдні спазнілася з дэдлайнам. Але кніга ўсё-такі выйшла!
— Як лічыш, на каго разлічаны “Ген зямлі”, хто яго патэнцыйныя чытачы?
— Я сама пачала размаўляць па-беларуску, калі мне было 14 год. Усё пачалося з таго, што да нас у школу прыйшла проста ачмурэнная настаўніца беларускай мовы Алеся Мікульская (раней мы ставіліся да беларускай мовы як да нейкага дадатковага прадмету). Яна пачала распавядаць нам пра Багдановіча, пра Караткевіча, пра Коласа і пра Купалу. Прычым расказвала так, быццам гэта яе сябры, цудоўныя рабяты! Мы пачалі чытаць па-беларуску, размаўляць... Але я люблю, скажам так, “лёгкую” літаратуру – мне хацелася фэнтэзі, фантастыкі – як на мой густ, гэта вельмі класныя жанры, хоць сёння да іх часам ставяцца пагардліва... Таму сваю кнігу я пісала для такіх вось чатырнаццацігадовых Аліны ці Васі, якім хочацца пачытаць нешта падлеткавае на беларускай мове.
— Што такое пісьменніцтва для цябе?
— Па-першае, гэта працэс, без якога я проста не магу – працэс выпускання герояў з галавы на паперу, бо іначай яны ўчыняць там проста вэрхал. Па-другое, гэта спосаб данесці свае думкі, погляды да іншых людзей. Па-трэцяе, гэта хобі, якое прыносіць мне задавальненне.
Гутарыла Ніна Лістота, для lit-bel.org