Алесь Разанаў — пераможца прэміі Арсенневай

Галоўная навіна – Алесь Разанаў стаў лаўрэатам паэтычнай прэміі імя Наталлі Арсенневай. Ягоную кнігу “Перавыбранае” адзначылі як “суму мастацкіх адкрыццяў у разнастайных наватарскіх жанрах, якія, пашыраючы інтэлектуальныя далягляды беларускай культуры, змянілі і працягваюць мяняць аблічча сучаснай паэзіі”. З канчатковым выбарам журы вызначылася толькі ўчора, на раніцу перад уручэннем прэміі.

За сур’ёзнай фармулёўкай – відавочны факт: без Алеся Разанава сучаснай беларускай паэзіі, якой мы яе ведаем, не было б.

Сёлетняя цырымонія асаблівая. Па-першае, яна супала з Днём нараджэння паэткі, да таго ж – 115-м. Па-другое, у шорт-ліст гэтым разам трапілі не восем кніг, як рэгламентавана, а дзевяць. І дзесяць аўтараў сталі героямі вечара: сярод намінантаў быў Алесь Ліпай, паэт, журналіст, які пакінуў гэты свет менш як месяц таму, 23 жніўня. Памяць Алеся Ліпая ўшанавалі хвілінай маўчання. Вядоўца Андрэй Хадановіч і старшыня беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай прачыталі некалькі ягоных вершаў.

“Беларусаў часам называюць літаратурацэнтрычнай нацыяй, і невыпадкова: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці стаялі паэты, празаікі, публіцысты…” – падкрэсліў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. “Не ведаю, пра якую Беларусь яны марылі, але, мяркую, яны былі б шчаслівыя, што нягледзячы на ўсе мітрэнгі Беларусь сёлета адзначае 100-годдзе сваёй дзяржаўнасці”.

Падобнай думкі трымаецца і Валеры Герасімаў, намеснік старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Пра Наталлю Арсенневу ён казаў як пра паэтку “дзяржаўніцтва”: “Галоўнай у яе жыцці была Беларусь. Я думаю, творчасць Наталлі Арсенневай і творчасць сённяшніх паэтаў уся прысвечаная рэалізацыі нашых нацыянальных ідэалаў”.

Іншай паўстала Наталля Арсеннева ва ўспамінах Уладзімера Арлова, адзінага ўдзельніка імпрэзы, які ведаў паэтку асабіста: у 1995 годзе, у амерыканскім Рочастары, адбылася іх сустрэча. Жывая легенда, яна аказалася вельмі гасціннай, крыху задуменнай і не без гумару згадвала колішнія прыгоды.

Журы прэміі гэтым разам склалі Андрэй Хадановіч, Вольга Іпатава, Дзмітрый Строцаў, Марыя Мартысевіч і Наста Кудасава. Дзмітрый і Наста распавялі пра свае ўражанні ад працы ў складзе журы. Наста была эмацыйнай і адзначыла сугучную ёй аўтарку – Валянціну Аксак. Дзмітрый даў кароткую характарыстыку кожнай кнізе.

Прыйшоў час шорт-лістараў. Не ўсе змаглі прысутнічаць на імпрэзе. Вальжына Морт чытала вершы з экрана, Усевалад Сцебурака і Антон Францішак Брыль “прамаўлялі” праз кнігі ў руках Андрэя Хадановіча.

Выступ кожнага і кожнай – як увасабленне іх паэзіі. Валянціна Аксак – заглыбленая ў сябе, кранальная і пры тым нязломная. Вольга Гапеева – дзёрзкая і іранічная. Ігар Кулікоў – аддадзены стыхіі слова і рытму верша. Міхаіл Рубін – з нязменнай гітарай і блюзавым настроем. Іна Снарская – узрушаная, пачуццёвая. Усе, улучна з будучым лаўрэатам, атрымалі памятны дыплом фіналіста прэміі.

Абвяшчалі і віншавалі лаўрэата Таццяна Нядбай і Барыс Пятровіч. Алесь Разанаў не стаў удаваць паблажлівае стаўленне да рэгалій, што часам здараецца з паэтамі такой велічыні. Ён быў відавочна ўсцешаны. Пры гэтым выказаў значную думку, якая, мне здаецца, заўжды мусіць агучвацца на любых літаратурных “спаборніцтвах”: “Творцы не спаборнічаюць паміж сабой. Яны асягаюць вышыню, асягаюць далечыню, і гэтае асягненне ёсць галоўны набытак кожнага творцы”. Таксама ён выступіў з прапановай: уключаць у спіс намінантаў гэтай ды іншых прэмій кнігі не адно апошняга году. “Гэта больш справядліва. Пройдзе тры гады – а кніга не знікне. Яе таксама адзначаць”.

Скончыўся вечар пад вясёлы музычны акампанемент Андруся Такінданга.

Нагадаем, што арганізатары прэміі – Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, а ўручаецца ўзнагарода пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.


Наста Грышчук, для lit-bel.org