Нашы праекты

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" прэзентуе свой відэапраект — цыкл літаратурных гутарак "Кантэкст". У кожным "Кантэксце" можна пабачыць інтэрв'ю з вядомымі беларускімі літаратарамі, а таксама іх аўтарскія чытанні.

Часопіс “Дзеяслоў” выходзіць у Беларусі з верасня 2002 года. За адносна кароткі час “Дзеяслоў” здолеў заваяваць павагу аўтараў і чытачоў. “Дзеяслоў” сёння – самае аўтарытэтнае літаратурна-мастацкае выданне, вакол якога аб’ядналіся пісьменнікі розных пакаленняў. Выданне мае сваю штогадовую літаратурную прэмію за найлепшую публікацыю года -- "Залаты апостраф".

Штогадовы конкурс для маладых аўтараў штораз мае новую тэму. У год, калі Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 90 гадоў, ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" абвяшчае пра пачатак прыёму прац на конкурс для маладых літаратараў “Экслібрыс”.

Школа працуе з 2012 года як нефармальны адукацыйны праект, сертыфікат аб яе заканчэнні не замяняе дыплома афіцыйных навучальных устаноў. Форма працы: практычныя заняткі ў прозе з пастаяннымі выкладчыкамі, лекцыі і майстар-класы запрошаных навукоўцаў і аўтараў.

У серыі, распачатай ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» у 2012 годзе ў межах «Кнігарні пісьменніка», выходзяць першыя кнігі маладых празаікаў і паэтаў.

Прэмія заснаваная ў 2014 годзе. Прысуджаецца за кнігі, напісаныя ў Беларусі на беларускай мове ў перыяд 2011—2014 гг. у галіне дакументальнай літаратуры ў наступных жанрах: мемуары, успаміны, дзённікі, эпісталярная спадчына (не толькі ўласныя, але і публікацыі чужых); біяграфіі; травелогі (падарожныя нататкі). Партнёрамі ў арганізацыі конкурсу і ўручэнні прэміі выступаюць: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», выдавецтва «Лімарыус».

Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка». Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску; фундатары ўзнагарод — «Ідэя Банк» і Калегіум Усходняй Еўропы ва Уроцлаве.

Штогадовы Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова "Вершы на асфальце" запачаткаваны ў 2012 годзе ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і Беларускім ПЭН-цэнтрам. У розныя гады ўдзельнікамі фестывалю былі паэты з Беларусі, Германіі, Ісландыі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі. Сярод традыцыйных мерапрыемстваў фестывалю – паэтычны слэм, літаратурныя чытанні, дыскусіі, прэзентацыі кніг, кніжных серый, музычныя выступы і г.д.