№ 95
Дата публікацыі: 27.08.2018
1211
Да 130-годдзя Язэпа Драздовіча гісторык літаратуры Лія Кісялёва падрыхтавала "самнамбулічна-тэлевізійныя эскізы" "Жыцьцё на плянэце Сатурн" з прадмовай да іх. Гэтая публікацыя сталася мажлівай дзякуючы фундацыі Паўла Падкарытава. Цэнтральным тэкстам у літаратуразнаўча-крытычнай частцы нумару ёсць даследаванне Сяргея Кавалёва "Тутэйшыя": паміж літаратурай і палітыкай. Дарэчы, у нумары прадстаўленыя творы аж чатырох чальцоў гэтай легендарнай суполкі. Акрамя названага вышэй Уладзіміра Сцяпана, друкуюцца творы Адама Глобуса ("Таня". Словы пра паэтку Таню Сапач), Вітаўта Чаропкі (фрагменты з нізкі "Запасная кніжыца жыцця") і, уласна, сам Сяргей Кавалёў, як вядома, -- "тутэйшавец".
У нумары таксама -- аповесць Івана Клімянкова, апавяданне Вольгі Бабковай, вершы Васіля Зуёнка, Людмілы Хейдаравай, Крысціны Бандурынай, Яўгена Бяласіна, Валерыя Ягорава. Сяргей Вайніцкі дэбютуе ў "Дзеяслове" (і літаратуры) з апавяданнем "Ліхтар".
Рубрыка "Пераклады" знаёміць чытача з творамі амерыканскай паэткі СіДзі Райт у перакладзе Вольгі Гапеевай, а таксама -- польскага паэта Ежы Плютовіча ў перакладах Надзеі Артымовіч і Ціхана Чарнякевіча.
І гэта яшчэ толькі сярэдзіна нумара. Да 135-годдзя Вацлава Ластоўскага Таццяна Кабржыцкая падрыхтавала артыкул пра ўкраінскі катэкст жыццёвага і творчага шляху славутага адраджэнца. Валянцін Акудовіч знаёміць чытача з фрагментамі сваёй новай кнігі "Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым". Уладзімір Мароз дзеліцца згадкамі пра сваю "Спатоленасць Парыжам". У рубрыцы "In memoriam" -- Слова Алеся Бельскага пра Любоў Тарасюк. Заканчэнне ўспамінаў бібліёграфа-бібліятэкаркі Юліі Бібілы, рэпрэсаванай у 1930-я гады, пра Менск 20-30-х гадоў (сярод іншага, -- пра супрацу з Янкам Купалам). Гэтая публікацыя, падрыхтаваная Таццянай Кекелевай і Арсенем Лісам, сталася апошняй прыжыццёвай для спадара Арсеня.
"Бульба і бугі" -- гэтак называюцца "раптоўныя замалёўкі" Міхала Рубіна.
"Дзеяслоўскі" кніжны аглядальнік Леанід Галубовіч піша пра зборнік вершаў Сабіны Брыло "Это буквы".
Завяршае нумар традыцыйны агляд кніжных навінак на паліцах "Дзеяслова".
Прыемнага чытання!
Анатоль Івашчанка