№100
Дата публікацыі: 16.06.2020
596
Вакол «Дзеяслова» аб’ядналіся самыя знакамітыя ў Беларусі пісьменнікі, а таксама найбольш перспектыўныя маладыя аўтары. Для рэдакцыі — а на сёння гэта Барыс Пятровіч (галоўны рэдактар), Алесь Пашкевіч (намеснік галоўнага рэдактара), Андрэй Федарэнка (стыль-рэдактар), Генадзь Мацур (мастацкі рэдактар), Анатоль Івашчанка (адказны сакратар) — вызначальным ёсць не ідэалагічная пазіцыя ці месца працы таго ці іншага аўтара, але выключна якасць мастацкага тэксту.
Як адзначаецца ў прадмове да 100-га нумару, «дзеяслоўцам» хацелася зрабіць яго асаблівым. «Было некалькі ідэяў, як ажыццявіць гэта. Спачатку мы думалі проста перавыдаць першы нумар часопіса. Каб паказаць, што ідзе час, але — сапраўдная літаратура не старэе, не губляе сваёй актуальнасці і значнасці, не слугуе ўладам і застаецца па-за палітыкай». Аднак урэшце рэдакцыя вырашыла ўзяць за аснову іншую ідэю: «у 100-м нумарыць даць слова тым, хто быў у першым, толькі з новымі тэкстамі». Натуральна, цалкам рэалізаваць гэтую ідэю не ўдалося. На жаль, няма ўжо побач з намі Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Алеся Пісьмянкова, Алеся Асташонка…
І вось — 100-ты нумар перад намі.
Адкрываюць яго, як і легендарны ўжо 1-шы выпуск, творы Алеся Разанава. І, як і 17 год таму, гэта эксперыментальна-аўтарская форма нашага славутага паэта. У 1-шым нумары «Дзеяслова» друкаваліся версэты Разанава, у 100-тым — зномы, філасофскія мініяцюры, часам вельмі простыя, часам дужа складаныя, часам афарыстычна-дасціпныя, часам абсурдова-аксюмаронныя… Зусім сцісла іх змест можна ахарактарызаваць словамі самога паэта як «суму немагчымасцяў».
Раздзел прозы адкрывае аповесць Барыса Пятровіча «Засада, або Лавіся, рыбка, вялікая». «Усе апісаныя падзеі — выдумка галоўнага героя» — такія словы вынесеныя ў пачатак твора. Гэта герметычная аповесць, падзеі якой адбываюцца фактычна ў адной кватэры, куды раннім ранкам, пасля перажытае горадам Плошчы і, як яе следства, — хапуна, урываюцца някліканыя госці… Гэты твор Барыса Пятровіча вызначаецца напружаным дынамізмам, глыбокай афарыстычнасцю і, безумоўна, будзе цікавы ўсім не абыякавым да сучаснай літаратуры.
Раздзел паэзіі адкрывае публікацыя Уладзіміра Някляева. У яе ўваходзіць ужо чытаная аўтарам са сцэны паэма «Калі мяне не стане» з падзагалоўкам «Ліст да Вольгі», а таксама — уласна лісты, пранізлівыя пасланні, што паэт адрасоўваў да жонкі, знаходзячыся ў 9-й камеры ўнутранай турмы КГБ у снежні 2010 г.
Адзін з самых сталых аўтараў «Дзеяслова» Леанід Дранько-Майсюк працягвае друкаваць сваё захапляльнае даследаванне «У Вільні і больш нідзе», гэтым разам прысвечанае асобе знакамітага святара і літаратара Адама Станкевіча. Спадар Леанід вынайшаў новы навукова-мастацкі стыль, калі поруч са скурпулёзнай уважлівасцю да дэталяў ды дакументальных крыніц чуваць голас аўтара — апантанага і захопленага даследніка невядомых старонак беларускай гісторыі.
Паэт Міхась Скобла, які калісьці стаяў ля вытокаў стварэння «Дзеяслова», як і ў першым нумары, выступае на старонках часопіса з нізкай вершаў. Нішто не можа сказаць лепш за паэзію, чым сама паэзія. Голас Міхася Скоблы, як заўсёды, выразна-адметны, надзённа-востры, вобразна-майстравіты.
Радаўніца
Над крыжамі птах пяе.
Гэй, аднавяскоўцы,
Мармуровыя мае!..
У адказ — ні слоўца.
Паражнілі гляк да дна,
Запівалі квасам.
Танцавалі да відна
Польку з выхілясам.
Звонкаглінныя збанкі
На платах віселі.
Спеў ляцеў на ўсе бакі,
Па тры дні — вяселлі.
Прывяла вярба наўгад,
Жоўтая, як з воску, —
Ні людзей няма, ні хат,
Закапалі вёску.
Там клады і тут клады,
Зруб ляжыць ля зруба.
Перабраліся б сюды,
Дзед Васіль мой малады,
Цётка мая Люба.
Памінальнай свечкі ўсхліп
Стыне ў халадэчы.
Можа, тут вы ажылі б,
Запаліўшы ў печы.
Экскаватарны раскоп.
Вецер рве газету.
Комін, нібы перыскоп,
Глянуў з таго свету…
Яшчэ адзін сталы аўтар «Дзеяслова», віцебскі празаік Сяргей Рублеўскі друкуе два пранізлівыя апавяданні — «Апошні палёт Артура Казюры» і «Я, мама і смерць у калідоры». Не абавязкова быць кандыдатам філалагічных навук, каб пабачыць, што ўсё, што піша спадар Рублеўскі, мае непаспрэднае дачыненне да сапраўднай Літаратуры.
Адзін з самых вядомых беларускіх празаікаў Андрэй Федарэнка знаёміць чытача з пачаткам свайго новага рамана, які ўжо зачакалася ўся (каля)літаратурная грамада.
У якасці дэбютанта фігуруе на старонках 100-га «Дзеяслова» клірык гарадзенскага Свята-Пакроўскага сабора Павел Каспяровіч. Вядомы раней як паэт, ён выносіць на чытацкі прысуд сваё апавяданне «Чорная рэчка».
У раздзеле «Спадчына» друкуюцца дзённікавыя запісы Анатоля Кудраўца, рупліва сабраныя і падрыхтаваныя дачкой і ўнучкай пісьменніка, а таксама — трагіфарс у 3-х дзеях Алеся Асташонка »Марш-кідок у Дурдуны».
У 1-м «Дзеяслове» друкаваліся фрагменты кнігі Святланы Алексіевіч «Чароўны алень вечных ловаў» (кнігі, над якой нобелеўская лаўрэатка працуе ўжо больш як дваццаць гадоў!). У 100-м жа нумары друкуецца вялікая гутарка Сяргея Шапрана са Святланай Аляксандраўнай, дзе літаратарка гранічна шчыра распавядае пра сваё жыццё «пасля прэміі», пра сучасны літаратурны працэс, пра падрыў яе кнігамі «русских скреп», люстрацыю і «цану кампрамісу», пра бабулю і бацькоў, пра сваіх літаратурных настаўнікаў і яшчэ шмат пра што, чаго вы не чыталі і не чулі ў яе ранейшых інтэрв’ю.
Эпісталярнай разынкай нумару ёсць ліставанне Леаніда Галубовіча і Ніны Мацяш, якое ахоплівае 2006-2008 гады. Абодва рэспандэнты адкрываюцца тут з вельмі нечаканых бакоў. Як піша спадар Галубовіч, «я выбраў найбольш вострае, актуальнае і балючае з нашага ліставання, друкуючы лісты ў аўтарскіх арыгіналах і абсалютна бесцэнзурна».
У 1-м «Дзеяслове» ўпершыню ў беларускай перыёдыцы друкаваўся інтэрнэт-форум, ініцыяваны Сяргеем Дубаўцом, дзе вядомы публіцыст і літаратар задаваўся пытаннем семантыкі й дэфініцыі выразу «мой народ», кіруючы дыскусіяй пад рознымі імёнамі-нікамі. У №100 спадар Дубавец друкуе свае фэйсбучныя запісы (рубрыка «Сеціва»).
Празаік і мастацтвазнаўца Галіна Багданава даследуе творчасць мастачкі Алесі Скарабагатай, якая «вяртае нам чысціню».
У сваёй аўтарскай рубрыцы «Палата №6» Яўген Рагін у тонкай іранічнай манеры разважае над пытаннямі нацыянальнай ідэі, расійска-ўкраінскай вайны, арфаэпіі як працягу фізіялогіі… Сваё творчае крэда спадар Рагін акрэслівае гэтак: «Пішу, вандрую, здзіўляюся».
Даследніца літаратуры Ірына Саматой рэцэнзуе новую кнігу старшыні літаратурнага аб’яднання «Белавежа» Яна Чыквіна «Трохкрылыя птушкі». У «Дзеяслове» №1 друкаваліся вершы гэтага вядомага літаратара з Падляшша.
Кніжны аглядальнік «Дзеяслова» Леанід Галубовіч піша пра кнігу Андрэя Федарэнкі «Сузіральнік», што выйшла ў «дзеяслоўскай» бібліятэчцы.
Завяршае нумар традыцыйны агляд новых выданняў «Дзеяпіс».