№ 1

№ 1

Новы папяровы сябра “Гарбузік” падрыхтаваў для цікаўных, разумненькіх і актыўных маленькіх беларусаў найлепшыя спосабы прабавіць вольны час. Ён навучыць лічыць і выразаць аўтарскія выцінанкі Вольгі Бабурынай, майстраваць папяровыя замкі і рашаць касмічныя задачкі, апавядзе, як адрозніць правую руку ад левай і лёгка засвоіць новыя англійскія словы!

“Гарбузік” паўстаў колькі гадоў таму як бацькоўскі самвыдат для беларускамоўных дзетак, — кажа рэдактар альманаха Вольга Мазурава. — Мы дзяліліся на форумах dzietki.org уражаннямі наконт дзіцячых выданняў і аднойчы зразумелі, што для сваіх дзяцей можам і мусім зрабіць нешта сваё, вясёлае і радаснае.

Назву прыдумлялі ўсім сайтам (дагэтуль на “Нашых дзетках” можна знайсці галасаванку з варыянтамі, якія прапаноўвалі натхнёныя ўдзельнікі: “Сябрынка”, “Весялiнка”, “Чамучак”, “Жэўжыкі”, “Апалонік”…) Уласна “Гарбузік” прыдумала Крысціна Вітушка. Мы з Палінай Грынчанкай узяліся ўкладаць і рэдагаваць выданне, Ірына Бурносенка — вярстаць і рабіць дызайн, Алена Церашкова шчодра навыдумляла вершаў. Нехта маляваў гульні, нехта складаў рэбусы, нехта пераказваў дзіцячыя цікавосткі з іншых краін. Жаданні і просьбы нашых маленькіх чытачоў мы чулі адразу, гартаючы разам з імі старонкі новых нумароў.  Загалоўнага персанажа — няўрымсліка Гарбузіка — урэшце стварыла мастачка Вольга Раманюк, яна ж намалявала для яго ўтульны і таварыскі свет”.