Лаўрэш Леанід Лявонцьевіч
Беларускі краязнавец, незалежны даследчык і перакладчык з польскай мовы.
Нарадзіўся 1 сакавіка 1963 года ў Лідзе. Скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1985). Па адукацыі інжынер. Стваральнік гістарычна-краязнаўчага сайта pawet.net. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 2017). Жыве ў Лідзе. Мае жонку, сына, нявестку і ўнука.
Сфера навуковых інтарэсаў Л. Лаўрэша — краязнаўства і гісторыя прыродазнаўчых навук на Беларусі. Навуковая зацікаўленасць гісторыяй Лідчыны тычыцца шырокага часавага дыяпазону — ад першабытнасці да часоў Заходняй Беларусі (1921—1939). Асобна цікавіцца еўрапейскімі падзеямі канца XIV -пачатку XV ст., якія закранулі Лідчыну. Удзельнік творчага калектыву ГрДУ імя Я. Купалы, які па заданні Інстытута гісторыі НАНБ выконвае навукова-даследчую работу па канфесійнай гісторыі Беларусі ХІХ ст.
Публікуецца з 2000 года. Першыя артыкулы былі вынікам вандровак па Лідчыне, падчас якіх у в. Ішчална быў знойдзены дзейны сонечны гадзіннік (мусіць адзіны ў Беларусі), а ў в. Бабры — неапісаны камень-следавік.
Выказаў уласную гіпотэзу пра месца заключэння Востраўскага пагаднення (1392). Распрацоўваў тэму удзелу англійскіх арыстакратаў, персанажаў У. Шэкспіра — Генры Ланкастэра, Генры Персі Хотспура, Джона Бафорта і інш., у вайне Тэўтонскага ордэна супраць Вялікага княства Літоўскага. Пісаў пра адбітак войнаў і паўстанняў у XIX ст. — вайны 1812 г., паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў, у гісторыі Лідчыны. Звяртаецца і да пытанняў эканамічнай гісторыі Ліды і Лідчыны. Рэканструяваў раней невядомыя моманты з гісторыі многіх паселішч Лідчыны. Частка артыкулаў Л. Лаўрэша прысвечана і архітэктурным помнікам, архітэктуры готыкі і рамантызму на Лідчыне.
Распрацоўвае канфесійную гісторыю Лідчыны, аўтар артыкулаў пра асобныя прыходы, храмы і капліцы. Зрабіў уклад у царкоўнае краязнаўства. Пры гэтым, мабыць першым у Беларусі, заняўся царкоўным краязнаўствам уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы. У кнізе «Грэкакаталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне» (2012) паказаў у кантэксце аналагічных усходнееўрапейскіх працэсаў царкоўна-рэлігійныя працэсы на Лідчыне ў ХVI-ХХ ст., апісаў адбітак стварэння, дзейнасці і ліквідацыі ўніяцкай царквы ў Беларусі на гісторыі Лідчыны. Кніга заснавана на багатым факталагічным матэрыяле, з апублікаваннем дакументаў у Дадатках. Прэзентацыя кнігі выклікала пэўны рэзананс.
Даследуе гісторыю прыродазнаўчых навук у Беларусі. Асобная сфера даследаванняў Л. Лаўрэша ў гэтай галіне — астраномія, ёй прысвечаны шэраг артыкулаў і кніга нарысаў «І зорнае неба над галавой…» (2013).
Шэраг публікацый Л. Лаўрэша прысвечана рэчавым, вусным, пісьмовым і выяўленчым крыніцам рэгіянальнай гісторыі, у т.л. каменным магілам, камяням-следавікам, паданням, малюнкам, паштоўкам і фотаздымкам.
Таксама даследуе біяграфіі і дзейнасць вядомых ураджэнцаў Лідчыны, у т.л. звяртае ўвагу на забытыя і малавядомыя імёны. Апублікаваў шэраг біяграм і біяграфічных даследаванняў, у т.л. Кіпрыяна Кандратовіча, Яўгена фон Гротэ дэ Буко, Дзіянісія Хлявінскага, Антонія Гарэцкага, Францішка Нарвойша, Аляксандры Нарбут, Цэзарыя Каменскага, Віктара Басяцкага, Марціна Пачобут-Адляніцкага, Яна Снядэцкага, Вітольда Цэраскага, Гаўрылы Ціхава і інш.
Аўтар 10 кніг (гл. спіс ніжэй) і больш за 200 артыкулаў. Сталы аўтар газеты «Наша слова», часопіса «Лідскі летапісец», «Маладосць», «Гістарычны альманах» і розных навуковых зборнікаў.
- Лаўрэш Л., Круцікаў У. Ліда на старых малюнках, паштоўках, фотаздымках. — Ліда, 2001. — 108 с. (у суаўтарстве).
- Лаўрэш Л.Л. Генерал Кіпрыян Кандратовіч (Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі). — Ліда, 2007. — 43 с.
- Лаўрэш Л. Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне / пад рэд. С. В. Марозавай. — Полацк: Грэка-каталіцкая парафія Святамучаніка Язафата ў г. Полацку, 2012. — 128 с.
- Лаўрэш Л.Л. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гісторыі астраноміі. — Мінск: Лімарыус, 2013. — 266 с.
- Лаўрэш Л.Л. Ліда ўчора і сёння : гісторыя горада ў выявах. — Ліда: Лідская друкарня, 2013. — 152 с.
- Лаўрэш Л.Л. Вандалін Шукевіч: беларускі археолаг і краязнаўца. — Мінск: Харвест, 2014. — 63, [1] с. — (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры).
- Лаўрэш Л.Л. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне. — Гродна: Юрсапрынт, 2016. – 244 с..
- Лаўрэш Л.Л. Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс / пад рэд. С. В. Марозавай. – Гродна: ЮрСаПрынт, 2017. – 114 с.
- Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. - Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2017. - 432 с.
- Лаўрэш Л.Л. Генерал, які дайшоў да Беларусі. Жыццяпіс Кіпрыяна Кандратовіча. / Л.Л. Лаўрэш – Гродна : ЮрСаПрынт, 2018. – 154 с.