Паўлікава-Хейдарава Людміла Фёдараўна
Нарадзілася ў сям’і рабочага і настаўніцы. Скончыла факультэт прыкладной матэматыкi БДУ (1974). З 1974 г. працавала ў НДI электронна-вылiчальных машын у Мiнску, з 1980 г. — вядучы канструктар у Беларускім навукова-даследчым i праектна-тэхналагічным iнстытуце арганiзацыi i кiравання будаўнiцтвам Дзяржбуда БССР, з 1985 г. — вядучы інжынер Мiнскага навукова-даследчага прыборабудаўнiчага iнстытута. У 1987—1997 г. на Беларускім тэлебачаннi, з 1987 г. — старшы рэдактар, з 1990 г. — намеснік галоўнага рэдактара літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1985 г.
Дэбютавала вершамі ў 1980 г. (часопіс «Маладосць»), за першую нізку вершаў атрымала прэмію года часопіса “Маладосць”, Аўтар зборнікаў паэзіі «Адведзіны рамонкавай паляны» (1985), «Тваё святло» (1988), драматычнай паэмы «Можна і Нельга» (1987) і філасофска-драматычнай паэмы-казкi «Можна i Нельга» (1988) зборнік паэзіі «Купанне ў росах» (1993)— усе выйшлі пад псеўданімам Людміла Паўлікава.
З 1989 г. выступае пад уласным прозвішчам Хейдарава і псеўданімам Людміла Паўлікава-Хейдарава — «Плач па анёлу» (2004), кніга апавяданняў «Дарт» (2002), фiласофская кніга «Вечаровае веча» (фрагменты ў час. «Маладосць», 2009 г.). З 1980 г. вершы, апавяданні, навелы друкаваліся ў зборніках «Дзень паэзіі», часопісах «Полымя», «Вожык», «Работніца і сялянка», “Маладосць”, “Беларусь”, “Крыніца”, рэспубліканскіх газетах. Пасля ўдзелу ў 8-м Усесаюзным з’ездзе маладых літаратараў СССР вершы Людмілы Хейдаравай ў перакладах на расейскую мову можна знайсці ў друкаваных выданнях “Літаратурная газета”, зборніку “Маладая гвардыя”. У паэтычных творах выяўляюцца фiласофскi роздум, гiсторыка-патрыятычная i любоўная лiрыка, тэмы прыроды i вытокаў чалавечага духу. У празаічных творах аўтарскай пазiцыi ўласцiва дабрадушная iронiя. Пераклала з рускай на беларускую асобныя творы Г. Ахматавай, М. Валошына, М. Лермантава, Б. Пастэрнака, М. Цвятаевай, В. Мандэльштама, з украінскай творы сучасных паэтаў.
Лаўрэат Лiтаратурнай прэмii iмя Алеся Адамовiча (1996) за прынцыповасць i майстэрства ў асвятленнi сучасных праблем Беларусi.
Літаратура: Родам з Асіповіччыны // Памяць. Асіповіцкі раён. — Мн., 2002. — С.630; Хейдарава Людміла // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X; Хейдарава Людміла — нар. у п. Ялізава // Анталогія беларускай паэзіі. — Мн., 1993. — С.537-539. Катэгорыі: Асобы | Нарадзіліся 11 лютага | Нарадзіліся ў 1952 годзе | Постаці беларускай літаратуры