Тарасаў Сяргей Васільевіч
Скончыў Мінскі педагагічны інстытут (1982 г.). З 1982 па 2006 гг. працаваў ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Апошнія пяць гадоў загадчыкам аддзела археалогіі сярэдневяковага перыяду. Кандыдат гістарычных навук (1992 г.). Тэма дысертацыі «Гісторыка-тапаграфічная структура Полацка IX-XVIII стст.» Вывучае праблему ўзнікнення і развіцця беларускіх гарадоў 9-18 стст. Праводзіў раскопкі на Верхнім замку, Ніжнім замку, Запалоцці, Задзвінні і іншых раёнах старажытнага Полацка, агульная плошча раскопаў больш 3 тыс.м.кв. У 2000-2006 гг. даследаваў старажытны Мінск, праводзіў раскопкі і назіранні на Нямізе, вул.Гандлёвай, Верхнім горадзе, Ракаўскім прадмесці. Сааўтар навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска.
Аўтар больш 50 навуковых прац, у тым ліку за мяжой (Расія, Украіна, Польша, Германія, ЗША, Швецыя), падручніка «Мая Радзіма-Беларусь» для 4-га класса агульнаадукацыйнай школы і сааўтар навучальных дапаможнікаў для ВНУ.
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў («Вясёлы ветрык», «Фрэскі»), сааўтар мастацкіх зборнікаў. Мастацкія творы друкаваліся таксама ў Расіі, Украіне, Літве. У 1987-1999 гг. аўтар і вядучы шэрагу праграм Беларускага тэлебачання: "Крок", "Вецер вандраванняў", "Скарбы беларускай гісторыі", "Кола часу", "Беларускі дом". Аўтар сцэнарыяў гістарычных мастацкіх і дакументальных фільмаў: "Прыйдзі і віждзь", "Пастка для зубра.Вітаўт.", "Пастка для зубра.Ягайла.", "Да вас, сучаснікі мае", "Званы Сафіі", "Слава Воршы", "Буквар", "Замкі Беларусі", "Беларусь на крыжы вякоў" і інш.