Мартысевіч Марыя Аляксандраўна

Мартысевіч Марыя Аляксандраўна

Мартысевіч Марыя

Мартысевіч Марыя Аляксандраўна

Паэтка, перакладчыца, публіцыстка, арганізатарка культурных праектаў.

Нарадзілася 28 сакавіка 1982 г. у Мінску. У 2004 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэту, у 2005 г. – аддзяленне філасофіі/літаратуры Беларускага Калегіюму, у 2007 – аспірантуру філалагічнага факультэта БДУ. З 2003 па 2005 г.г. супрацоўнічала з часопісам “Студэнцкая думка”. З 2007 года супрацоўнічае з газетай “Новы час” як культаглядальніца. Фіналістка конкурсаў маладых літаратараў Беларускага ПЭН-цэнтру: імя Франчэска Петраркі (2004) і імя Уладзіміра Караткевіча (2005). Стыпендыятка Homines Urbani (Польшча, Кракаў, Villa Decius, 2007) і International Writing Program (Універсітэт Аёвы, Аёва-Сіці, ЗША). Лаўрэатка прэміі “Вольнае слова” за найлепшы літаратурны нарыс (2011 г.), прэміі часопіса “ПрайдзіСвет” за пераклад паэзіі Веніяміна Блажэннага і пераклады з кнігі “Амбасада” (2012), прэміі “Belarus in Focus” за найлепшы нарыс пра Беларусь, надрукаваны ў замежных СМІ (2013 г.). Пераможца конкурсу на найлепшы пераклад паэзіі Віславы Шымборскай на беларускую мову (фундацыя “Za wolność naszą i waszą”, Кракаў, Польшча, 2015 г.).

З 2011 па 2013 год – першая намесніца старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру.

З 2017 года – рэдактарка перакладной кніжнай серыі "Амерыканка".

Перакладае паэзію і прозу з англійскай, польскай, рускай, украінскай, чэшскай моваў. У Беларусі вершы, пераклады і публіцыстычныя творы публікавала ў часопісах “Паміж”, “ARCHE”, “Дзеяслоў”, “pARTyzan”, "Тэксты", litrazh.org, prajdzisvet.org, у газеце “Новы час”, на сайце svaboda.org і інш.

Аўтарка кніг “Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе” (2008), "Амбасада: эсэ ў вершах і прозе" (2011), "Сарматыя" (2018). Яе творы перакладаліся на англійскую, літоўскую, нямецкую, рускую, славацкую, украінскую, шведскую мовы.

У яе перакладзе з чэшскай выйшлі наступныя кнігі: Антанін Баяя "Зваўчэнне. Раманета пра ваўкоў, людзей і знакі" (Мн., Логвінаў, 2008), Яраслаў Рудзіш "Неба пад Берлінам" (Мн., Логвінаў, 2008), Багуміл Грабал "Я абслугоўваў ангельскага караля (Мн. Логвінаў, 2013). Пераклала з украінскай раман Любко Дэрэша "Культ" (ARCHE, № 4, 2008; ARCHE, №6, 2008, 158-230), а таксама вершы Сяргея Жадана, Віктара Небарака, Галіны Крук, і інш. Перакладала з польскай творы Анджэя Стасюка, К.І. Галчынскага, Стэфана Хвіна, Збігнева Герберта, Чэслава Мілаша, Яраслава Івашкевіча, Баляслава Лесьмяна і інш. У 2013 годзе выйшаў яе пераклад вершаванай п'есы Аляксандра Фрэдры "Дзявочыя зарокі" (Мн: Логвінаў, у кн: "Помста: камедыі"), у 2018 - пераклад раману "Сонька" Ігната Каровіча (Вільня: Логвінаў). Як перакладчыца з англійскай мовы ўдзельнічала ў праектах часопіса "Прайдзісвет" па перакладзе твораў Эдгара Алана По для кнігі "Маска чырвонае смерці" (Мн: Кнігазбор, 2011) і Артура Конан Дойла "Нататкі Шэрлака Холмса" (Мн: Кнігазбор, 2016). У яе перакладзе выйшаў зборнік вершаў “Выкапні” навазеландскай паэткі Хінемааны Бэйкер (Тэрнопаль: Крок, 2016). Супольна з Вольгай Калацкай перастварыла па-беларуску "Пенелапіяду" канадскай пісьменніцы Маргарэт Этвуд (Вільня: Логвінаў, 2017).

Жыве ў Мінску.


Асабістыя старонкі сяброў СБП

Паказаць увесь спіс